ВІ́ШНЕЎСКІ КАСЦЁЛ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока з элементамі рэнесансу. Пабудаваны ў 1637—41 у в. Вішнева (Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Перабудаваны ў 1771 у стылі ракако (да нефа прыбудаваны 2 прамавугольныя ў плане бакавыя капліцы, зменены інтэр’ер) і ў 1906 (дабудаваны 2-вежавы гал. фасад). Мураваны 1-нефавы храм з больш нізкай паўцыркульнай апсідай і бакавымі сакрысціямі, накрыты 2-схільным дахам з франтонам на гал. фасадзе. 3-ярусныя чацверыковыя вежы завершаны плаўна выгнутымі карнізамі, фігурнымі купалкамі. Сцены нефа крапаваны арачнымі нішамі, слаістымі пілястрамі, пілонамі, аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай (мастак Ф.Рушчыц), скляпенні — геам. ляпным арнаментам 17 ст. Захаваліся каваныя дзверы 17 ст., разныя алтары 18 ст.
А.М.Кулагін.
т. 4, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)